21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Чаму для святкавання быў абраны гэты дзень? Менавіта 21 лютага ў
сярэдзіне XX стагоддзя, далёкім для нас 1952 годзе, пакістанскай паліцыяй былі забіты 5 бенгальскіх студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бенгалі статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш з дзвюма дзяржаўнымі мовамі – бенгальскай і англійскай. А Міжнародны дзень роднай мовы сапраўды стаў паўнацэнным святам і адзначаецца гэты дзень з 2000 года.
Па дадзеных ЮНЕСКА ў свеце існуе больш за 6000 моў, 95% з якіх
знаходзіцца ва ўжытку ў насельніцтва планеты. Частка моў не мае сваёй
пісьменнасці, а больш за палову існуючых знаходзіцца на мяжы вымірання.
У мэтах развіцця пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў, фарміравання
свядомага ўяўлення аб багацці, непаўторнасці, самабытнасці роднага слова,
выхавання грамадзянскасці, пачуцця патрыятызму, гонару за сваю Радзіму,
за свой народ, павагі да роднай мовы, настаўнікамі беларускай мовы і
літаратуры ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Смалявічы” – цудоўнымі знаўцамі беларускай мовы – праведзены цэлы шэраг мерапрыемстваў у рамках Міжнароднага дня роднай мовы.
Мова – частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны. Дзякуючы
ёй, працягваюць жыць народныя традыцыі. Мова абуджае цікавасць да
пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага і служыць элементам аб’яднання людзей, незалежна ад месца і часу іх пражывання.
Праграма мерапрыемства прадугледжвала фармат тэлевізійнага канала “Беларусачкі”. Свята роднай мовы пачалося зранку з гучання такіх мілых сэрцу беларускіх песень. Вучнёўскую чытацкую канферэнцыю “Сучасная беларуская проза” сярод 8-ых – 11-га класаў арганізавала Ірына Іванаўна Пяткіна. Пад час канферэнцыі навучэнцамі было прааналізавана 14 апавяданняў сучасных беларускіх пісьменнікаў. Па выніках даследчага мерапрыемства быў распрацаваны зборнік замалевак да кожнага апавядання. Адны з моў вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Пазакласнае мерапрыемства – віктарыну “У роднай мове – роднае карэнне” правяла для навучэнцаў 5-ых – 6-ых класаў Галіна Мікалаеўна Графутка. Пазнавальна і вельмі цікава! А якія шчырыя словы гучалі пра прыроду роднага краю! А як прыемна, калі побач з табой знаходзіцца чалавек з прыгожай душой! Шчырымі беларускімі словамі і аб прыродзе, і аб людзях роднага краю гучалі вершы вуяняў 5 “Б” класа пад час конкурсу чытальнікаў вершаў “Гучы, роднае слова!”, які арганізавала Іна Уладзіміраўна Валакіціна. І вы ведаеце, як цяжка было абраць пераможцу? Але ж конкурс есць конкурс….! Пераможцу выбралі самі навучэнцы! Моўны турнір “Роднай мовы пералівы” паміж дзвюма камандамі 8-ых класаў бліскуча правяла Іна Уладзіміраўна Валакіціна. Спаборніцтва – турнір складалася з шасці конкурсаў, у якіх каманды спрацавалі па-роўнаму, набраўшы аднолькавую колькасць балаў. Інфармацыйны бюлетэнь “Дзень роднай мовы” прапанавала Ірына Іванаўна Пяткіна: навучэнцы 10-ых класаў распрацавалі каляровыя лістоўкі – паштоўкі, прысвечаныя Дню роднай мовы, і па выніках Дня падрыхтуюць тэматычны выпуск школьнай газеты. Інтэрв’ю “Самае цікавае слова на беларускай мове» правялі вучні 11 класа, пад час якога бралі інтэрв’ю сярод настаўнікаў і навучэнцаў на тэму “Самае цікавае слова на беларускай мове”. Па выніках інтэрвью прадстаўлена рэклама –прэзентацыя любімых беларускіх слоў навучэнцаў, настаўнікаў і, дарэчы, бацькоў: цёплыя словы – сонца і хата, лепшыя словы – мама(ці) і тата, смачныя словы – хлеб і суніцы, росныя словы – кветкі, крыніца, чулыя словы – сын, калыханка, ясныя словы – лета і ранак, мудрыя словы – жыта і поле, светлыя словы – вецер і воля, даўнія словы – водгулле, род, гордыя словы – звон і народ.
З цікавасцю разгортваліся падзеі ў школьнай бібліятэцы на выставе і ў кнігарні “У родным слове – цэлы свет”, якую арганізавала Марына Віктараўна Надзеіна для навучэнцаў – пачаткоўцаў. А колькі мудрасці схавана ў беларускіх загадках! Марына Віктараўна прапанавала вучням паспрабаць іх адгадаць і атрымаць за гэта пачастунак з фантастычнага кошыка: чорная карова ўвесь свет пабарола, белая ўстала, увесь свет пападымала (ноч і дзень), за сцяною касцяною талалай брэша (язык), кіну – не палку, заб’ю – не галку, скубу – не пер’е, ем – не мяса (рыба), белы сабачка, на хвасце – балячка (запалка), у вадзе не тоне, у агні не гарыць, на саломе не шасціць (цень).
Тэлевізійны канал “Беларусачкі” на цудоўнай ноце завяршыў сваю
праграму і пажадаў, каб “гледачы” заўжды памяталі 9 самых важных для нас запаведзяў:
Мову родную беражы.
Мовай роднаю даражы.
Мову родную шануй.
Мовай роднай не гандлюй.
Мову родную любі.
Мовы роднай не кідай.
Мову дзецям перадай.
Мовы не аддай на здзек.
Толькі з ёю жыцця век!
ШКОЛЬНЫ ТЭЛЕВІЗІЙНЫ КАНАЛ “БЕЛАРУСАЧКІ” ПРАДСТАВІЎ ЦУДОЎНАЕ СВЯТА РОДНАЙ МОВЫ! ДА НОВЫХ СУСТРЭЧ!
С.П. Сліжанкова, настаўнік сярэдняй школы №2 г. Смалявічы