РАЁННАЕ МЕТАДЫЧНАЕ АБ’ЯДНАННЕ НАСТАЎНІКАЎ- БЕЛАРУСАВЕДАЎ

22 лютага 2017 года на базе ДУА ”Сярэдняя школа №2 г. Смалявічы”
адбылося раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў беларускай мовы і
літаратуры. Тэма паседжання “Кампетэнтнасны падыход і ўзровень
навучання вучняў па прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская
літаратура”. Пад час метадычнага аб’яднання былі абмеркаваны актуальныя
пытанні:
1. Віды кампетэнцый, прадугледжаных канцэпцыямі вучэбных прадметаў
“Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” на базавым і павышаным
узроўнях, шляхі і сродкі іх фарміравання ў вучняў. Тэарэтычную і
практычную складаючыя пытання прадставіла настаўнік беларускай
мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Смалявічы”
ПЯТКІНА Ірына Іванаўна;
2. Алімпіяда па беларускай мове і літаратуры: падрыхтоўка вучняў да
лінгвістычнага конкурсу (трансляцыя вопыту) – Скавыш Валянціна
Барысаўна (ДУА “Куркаўскі ВПК д/с-СШ), Лухверчык Алена
Уладзіміраўна (ДУА “Пекалінская БШ”);
3. Алімпіяда па беларускай мове і літаратуры: напісанне водгуку
(трансляцыя вопыту) – Пучко Ала Сяргееўна (ДУА “Смалявіцкая
раённая гімназія”), Ярмаловіч Галіна Мікалаеўна (ДУА “Пліская СШ
імя В.А. Мікуліча).
Раённае метадычнае аб’яднанне праходзіла пад час правядзення
школьнага тыдня славеснасці: фае і рэкрэацыі ўстановы адукацыі былі
аздоблены цытатамі пра мілагучнасць, мудрасць, непаўторнасць,
самабытнасць роднага слова, аб прыгажосці зямлі беларускай, гонару за
свой народ. Гэтымі днямі ў Беларусі ладзяцца разнастайныя
мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы:

сапраўднае свята “Гімн роднай мове” у рамках шостага школьнага дня
арганізавала Ірына Іванаўна Пяткіна,

інфармацыйная гадзіна, на якой настаўніца Графутка Галiна Мікалаеўна разам з вучнямi 10 «Б» класа  расказвалi пра тое,  якая прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, моцная, поўная наша мова,

святочны настрой панаваў і на перапынках: у фае гучалі песні на словы  Алеся Ставера, Рыгора Барадулiна,

запомніўся пяцікласнікам  конкурс чытальнiкаў, які правяла настаўнiца Графутка Галiна Мікалаеўна, дзе  спалучаліся розныя віды мастацтва:  літаратура, жывапіс і музыка,

прагляд тэатралiзаванага  прадстаўлення «Пінская шляхта» (падрыхтоўка і ўдзел у тэатралізаваным свяце пакінула глыбокі след у душах  навучэнцаў),

для вучняў 5-ых класаў быў падрыхтаваны цікавы пазітыўны сцэнарый, у які ўвайшлі  iнфармацыя пра батлейку i тэатр,

шостыя класы прынялі ўдзел у конкурснай праграме “Квітней, родная мова”, якую арганізавала Валакіціна Іна Уладзіміраўна.

Настаўнік вышэйшай
кваліфікацыйнай катэгорыі Галіна Мікалаеўна Графутка прадставіла
прэзентацыю сістэмы работы па тэме “Урок XXI стагоддзя”. У сваім выступленні яна адзначыла:

Сучаснае дзіця – гэта дзіця свету. “Не навязвайце свае метады навучання вашым дзецям, бо яны нарадзіліся ў іншы час” – гаворыцца ў адной старажытнай прыказцы. Дваццаць першае стагоддзе – гэта час іншых магчымасцей, час іншых захапленняў – і дзеці зусім іншыя. Але і ў гэтых умовах сучасны настаўнік павінен умець зрабіць усё так, каб абудзіць і захаваць цікавасць да роднай  мовы.

Вось як вучні ўяўляюць ідэальны ўрок. Менш працаваць па падручніку, пажадана, каб на ўроку адбывалася нешта цікавае: выкарыстоўваліся камп’ютарныя вучэбныя праграмы і гульні, вучэбныя фільмы, адбывалася праца ў групах і дыскусіі, ствараліся калажы і праекты, праводзіліся  гульні з элементамі  драматызацыі. Ім хацелася б слухаць і развучваць сучасныя песні на беларускай мове. Такім чынам, у навучэнцаў ёсць жаданні, у педагогаў ёсць магчымасці. Разам мы можам зрабіць навучанне не толькі больш эфектыўным, але і больш радасным.

Самае разумнае – прыслухацца да парадаў маленькіх беларусаў, пазбаўленых шчасця бездакорнага валодання роднай мовай. Наўрад ці яны здолеюць самастойна справіцца з псіхалагічным бар’ерам непрыняцця беларускай мовы. І мы, настаўнікі, павінны дапамагчы ім, бо ад гэтага залежыць наша «заўтра».

Ад маладога чалавека, які ўступае ў жыццё, сёння патрабуецца ўменне працаваць у групе і ў калектыве, адстойваць сваю думку, згладжваць канфлікты, адчуваць адказнасць за работу, быць мабільным, камунікабельным, гібкім у розных сітуацыях. Валоданне  гэтымі  ўменнямі  дапаможа  выпускніку ўладкавацца ў жыцці. Але вельмі важна разумець, што авалодаць названымі кампетэнцыямі можна толькі шляхам дзейнасці вучняў. Каб навучыцца ўзаемадзейнічаць – трэба ўзаемадзейнічаць.

Без сумнення, педагог павінен арыентавацца на патрэбы вучняў, выкліканыя запатрабаваннямі часу, не баяцца мяняцца самому, па-новаму пераасэнсоўваць уласную дзейнасць. Класічны камбінаваны ўрок заўсёды у школе быў, ёсць і, мабыць, застанецца яшчэ надоўга. Аднак без нетрадыцыйных формаў яго правядзення сёння не абысціся.

Галіна Мікалаеўна Графутка правяла ўрок па тэме М.Лынькова “Васількі”у 5”В” класе у нетрадыцыйнай форме,дзе было ўсё:  камп’ютарныя вучэбныя праграмы і гульні, вучэбны фільм, адбывалася праца ў групах і дыскусіі, ствараліся кластары і праекты, з элементамі  драматызацы.
Таццяна Молчан і Таццяна Філіповіч, навучэнкі 10 “А” класа,
праспявалі для ўдзельнікаў метадычнага аб’яднання цудоўную
“Купалінку”. Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, якія не толькі
штодня размаўляюць на роднай мове, аперыруюць ёй як сродкам зносін,
але і жывуць ёй, дыхаюць ёй як паветрам, не змаглі ўтрымацца, каб не
заспяваць разам са школьніцамі. На такой музычнай ноце завяршылася
метадычнае аб’яднанне беларусаведаў раёна, а іх карпатлівая штодзенная
праца па прапагандзе роднай беларускай мовы працягваецца. ДА НОВЫХ
СУСТРЭЧ, КАЛЕГІ !